Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на прэзентацыю факсімільнага выдання — кнігі «Вянок» Максіма Багдановіча

10 чэрвеня (аўторак) 2025 года, а 17-й гадзіне, літаратурны музей Максіма Багдановіча заапрашае на прэзентацыю факсімільнага выдання — кнігі «Вянок» Максіма Багдановіча.

Afiša

У далёкім 1913 годзе, у Вільні ўбачыў свет першы зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок». У першай рэцэнзіі на кнігу крытык Антон Луцкевіч параўноўваў паэзію маладога беларускага аўтара з чыстай халоднай крынічнай вадой, што асвяжае душы людзей.

Больш чым стагоддзе мінула з таго часу, з друку выйшла шмат кніг Максіма Багдановіча, але маленькая, сціпла выдадзеная кніга паэзіі застаецца запатрабаванай.

У 1985 годзе, у выдавецтве «Мастацкая літаратура», падрыхтавана першае факсімільнае выданне кнігі М.Багдановіча «Вянок», тыраж у 10 тысяч асобнікаў разышоўся ледзь не імгненна. Былі і яшчэ перавыданні, і яны знайшлі сваіх гаспадароў, а інтарэс да асобы паэта і да яго вечнай паэзіі не знікае.
«Я не самотны, я кнігу маю...» — так пісаў Максім Багдановіч, «мы не самотныя» — паўтараем услед за Паэтам, бо і мы кнігу маем...», — пішуць у сацсетках супрацоўнікі музея.

Дзе і калі?

Дата: 10 чэрвеня

Час: 17:00 (час мясцовы)

Месца: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

Уваход вольны.