Беларускі выбар: у школу альбо ў эміграцыю?

Хто сказаў, што ў Беларусі няма выбару? Ды ўлады ў нашай краіне ставяць грамадзянаў перад выбарам, лічы, нон-стоп! Незалежна ад палітычных поглядаў, роду заняткаў, рэлігійнай прыналежнасьці й нават папросту ўзросту! У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік чытае новаўвядзеньні, якія дзяржава падрыхтавала для беларускіх дзетак і якія па-сутнасьці ставяць іх бацькоў перад вельмі важным выбарам.

Памятаеце гэты мэм са здымкам Гітлера й надпісам «1 верасьня 1939-га года ён напаў на Польшчу. А што зрабіў ты, каб не пайсьці ў школу?» Ну што ж, калі глядзець на высілкі чыноўнікаў ад адукацыі пад кіраўніцтвам галоўнага аматара Гітлера ў Беларусі, то, бясспрэчна, яны робяць усё, каб дагнаць і перагнаць фюрэра.

Mem pra Hitliera
Той самы мэм пра Гітлера. Ілюстрацыя з сацыяльных сетак

Гэты ганебны сьпіс «дасягненьняў» кожны з нас можа скласьці самастойна — ад савецкіх і расейскіх падручнікаў да візытаў у школы розных казакаў з шаблямі і амапаўцаў з аўтаматамі, бясконцых пабораў «на фіранкі і букеты», навязьлівых піянэрыі і брсмаўшчыны, пабедабесаўскіх парадаў і гэтак далей.

Ну, альбо вось вам зусім сьвежы прыклад. Зь 1 верасьня беларускім дзеткам забароняць навучацца ў замежных школах — нават дыстанцыйна. Гэта прадугледжваюць адпаведныя новаўвядзеньні ў айчынны Кодэкс аб адукацыі.

Пры гэтым забарона мае закрануць ня толькі тых, хто сёньня жыве на радзіме ва ўмовах унутранае эміграцыі, а таму арганізаваў сваім дзецям хатняе навучаньне з дапамогаю нейкае замежнае анляйн-школы. Але і тых беларусаў, якія сёньня ўжо жывуць за мяжою, аднак дагэтуль не парупіліся адхрысьціцца ад мілай сэрцу Бацькаўшчыны дакумэнтальна. Каб ня мець праблем з-за таго, што тваё дзіцё навучаецца, скажам, у эўрапейскай школе, гэткім бацькам трэба аформіць выезд малечы на пастаяннае пражываньне. Ну, альбо ня езьдзіць у Беларусь. І не пускаць туды сваіх дзяцей.

Карацей, калі ты жыхар Беларусі — навучайся толькі ў беларускай школе! І пагатоў: ходзіш у замежную школу — ты больш не беларускае дзіцё!

І нават калі ты дзіцё з асаблівасьцямі разьвіцьця, якому айчынная школа аб’ектыўна нічога прапанаваць ня можа — гэта выключна твае праблемы! Нельга — і кропка!

Skryn
Сайт першай беларускай анляйн-школы ва Ўкраіне. Скрын з сайту byschool.com.ua

Ну што ж, калі ў нас ужо гэткая размова пайшла, то тады ў мяне пытаньнечка да аўтараў гэтых новаўвядзеньняў. Дык а ўласна беларускія школы — гэта якія? Што ў школах у сучаснай Беларусі — беларускае? Да прыкладу, школы Магілёўскага раёну пад расейскімі сьцягамі — гэта беларускія школы ці не?

Урэшце, адна гадзіна беларускай мовы і чатыры гадзіны расейскае мовы на тыдзень — гэта беларуская школа ці расейская? Чым канкрэтна расейскамоўная школа ў Беларусі ды яшчэ і з рускамірцамі ў навучальнай праграме больш беларуская, скажам, за цалкам беларускамоўную й насычаную нацыянальным беларускім зьместам анляйн-школу, арганізаваную за мяжою для сваіх дзетак вымушанымі эмігрантамі?

Дарэчы, у расейскіх школах можна вучыцца? Ці яны яшчэ ўважаюцца ў Беларусі за замежныя?

Rasiejskija ściahi ŭ Machoŭskaj siaredniaj školie Mahilioŭskaha rajonu
Расейскія сьцягі ў Махоўскай сярэдняй школе Магілёўскага раёну. Фота mahovo.mogilev.edu.by

Вядома ж, тлумачэньне гэтых новаўвядзеньняў у Кодэкс аб адукацыі ляжыць на паверхні: рэжым, які ўжо выштурхнуў і працягвае выштурхоўваць за мяжу прынамсі сотні й сотні тысячаў беларусаў — ці праз палітыку, ці праз эканоміку, ці наагул праз адсутнасьць ясных пэрспэктываў для нармальнага жыцьця на радзіме, намагаецца сваімі забаронамі разьвязаць адразу дзьве ці не галоўныя праблемы сучаснае Беларусі.

Гадкі «народзец», зь якім рэжыму надта ж «не пашчасьціла», ня хоча нараджаць будучых рабоў і масава зьяжджае за мяжу, пакідаючы краіну без працоўных рук, а рэжым — без «кармавое базы».

Бач ты, зусім абарзелі гэтыя востракапытныя!

Ну і да таго ж, калі цытаваць чыноўнікаў, «беларуская школа — гэта ня толькі пра веды, але і пра выхаваньне». Я б дадаў: найперш — пра выхаваньне! Ці ж вы думаеце, што ў якой-небудзь польскай альбо амэрыканскай школе беларускіх дзетак навучаць правільна любіць Лукашэнку і ганарыцца дасягненьнямі, якія акрамя паперкі, зь якой чытае свае даклады адрузлы дыктатар, больш анідзе не існуюць? Альбо пакажуць, як правільна трымаць мянтоўскі дручок і аўтамат Калашнікава, каб біць гіпатэтычных дэманстрантаў і надзейна прыкрываць тылы Расеі-матухны перад каварнай НАТАй?

Ну што вы! Панахапаюцца там розных правоў чалавека, дэмакратыі і іншай заходняй лухты й не захочуць жыць пад нашай утульнай калгаснай дыктатурай!

Pryjom u pijanery bielaruskich škaliaroŭ
Прыём у піянэры беларускіх шкаляроў. Фота tut.by

Дык што ж рабіць ва ўмовах, калі па-сутнасьці па-за законам застаецца якая-колечы эміграцыя — і ўнутраная, і рэальная? А вось гэта ўжо, лічы, экзамэнацыйнае пытаньнечка да нас, бацькоў. Бо, як ні круці, адказнасьць за нашых дзяцей ляжыць найперш на нас, а не на школе — ці то беларускай, ці то замежнай.

І пагатоў, калі сыходзіць з таго, што нашыя дзеці — гэта нашая будучыня, будучыня нашае краіны, то й перакладваньне адказнасьці за нашых дзяцей на кагосьці іншага па-сутнасьці азначае і тое, што нашае Заўтра і Заўтра Беларусі будзе фармаваць хтосьці іншы.

Як вам гэткія пэрспэктывы?

Valiera Rusielik
Валера Руселік — на занятках у паліцэальнай школе ў Варшаве. Фота з асабістага архіву

Валера Руселік, Budzma.org